СЛА́ЎГАРАДСКАЯ ЦАРКВА́ РАСТВА́ БАГАРО́ДЗІЦЫ,

помнік архітэктуры класіцызму ў г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. Пабудавана ў 1791—93 паводле праекта арх. М.​Львова. У ансамбль з царквой уваходзяць: 2-ярусная званіца з невял. вежачкай у завяршэнні, 2 гасп. пабудовы, будынак царк.-прыходскай школы. З паўд. боку ад царквы — парк, які спускаецца да р. Сож. Царква — цагляны цэнтрычны крыжова-купальны храм. Асн. аб’ём у выглядзе роўнаканцовага крыжа, накрыты 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Дамінанта аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі — сферычны гранёны купал на 8-гранным светлавым барабане, грані якога Прарэзаны вял. аконнымі праёмамі-люнетамі. Паміж канцамі крыжа нізкія аб’ёмы (у плане чвэрць круга), перакрытыя сегментамі купала. Фасады маюць сім. кампазіцыю, вырашаны аднолькава, завершаны развітымі антаблементамі. Уваходны партал вылучаны 2 паўкруглымі калонамі тасканскага ордэра і акном-люнетай. На сценах і скляпеннях захаваліся фрэскавыя размалёўкі ў стылі класіцызму (канец 18 ст.; верагодна, пры ўдзеле маст. У.​Баравікоўскага). Захаваліся 57 сюжэтных кампазіцый, найб. цікавыя з іх «Пакуты Хрыста» (у 1-м ярусе), «Цябе Бога хвалім» (на купале), выявы евангелістаў у прасценках барабана. У 1793—94 устаноўлены іканастас (не захаваўся). У 1980-я г. царква адрэстаўрыравана.

Г.​А.​Лаўрэцкі, А.​Ю.​Пятросава.

Слаўгарадская царква Раства Багародзіцы.

т. 14, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)